У дадзенай рубрыцы мы працягваем знаёміцца з моладдзю, якая прыехала працаваць у наш горад і раён, і даведваемся, як іх сустрэлі ў новым калектыве і як пра іх клапоцяцца на першым працоўным месцы. На гэты раз удзельнікамі нашай рубрыкі сталі маладыя спецыялісты філіяла «Пружанскія электрычныя сеткі» РУП «Брэстэнерга» і ААТ «Пружанскі малочны камбінат».
Пружанскія электрычныя сеткі
«У калектыве цудоўная атмасфера»
Нядаўна калектыў Пружанскіх электрычных сетак папоўніў Максім Леванюк, якому зараз усяго 18 гадоў. Сам хлопец нарадзіўся ў Пружанах, пасля заканчэння 9 класаў паступіў і паспяхова скончыў Белаазёрскі дзяржаўны каледж электратэхнікі, атрымаўшы там спецыяльнасці электразваршчыка ручной зваркі і электрамантажніка па электраабсталяванні.

Пасля заканчэння навучальнай установы Максім быў размеркаваны ў філіял «Пружанскія электрычныя сеткі» РУП «Брэстэнерга» на пасаду электраслесара па рамонце электраабсталявання электрастанцыі. Хлопец выбраў дадзеную прафесію невыпадкова — многія яго родныя звязаны з працай у гэтай сферы.
— З самага дзяцінства бачыў, як бацька працуе ў гэтай галіне, і мне заўсёды было цікава. Таму я мэтанакіравана паступаў у каледж і хацеў атрымаць такую ж прафесію. З прыходам на сваё першае працоўнае месца мне выплацілі аднаразовую дапамогу, што стала прыемным бонусам на старце, — адзначыў малады чалавек.
Максім ужо адпрацаваў палову абавязковага двухгадовага тэрміну. Хлопец плануе і далей заставацца на гэтым жа месцы.
— У калектыве цудоўная атмасфера — маем зносіны, дзелімся вопытам і нават жартуем, — мне ўсё падабаецца. Таксама цешыць добры заробак і клопат з боку кіраўніцтва. Апроч таго, наш прафсаюз робіць усё, каб па-за работай мы праводзілі сумесна час, актыўна і цікава. Так за кароткі тэрмін, што я тут, ужо прыняў удзел у акцыі па пасадцы лесу і наведаў з калегамі выставу «Мая Беларусь» у г. Мінску, — адзначыў Максім.
Малады хлопец упэўнены, што наперадзе яго чакаюць новыя дасягненні і цікавыя выклікі, а падтрымка калег і кіраўніцтва дапамогуць рэалізаваць усе свае планы.
На пытанні адказвае старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі філіяла «Пружанскія электрычныя сеткі» РУП «Брэстэнерга» Віта Сірыська.

— Чым сустракае арганізацыя маладога работніка?
— У нас шырокі спектр выплат для маладых спецыялістаў не толькі ў рамках, устаноўленых адпаведным заканадаўствам. Яны атрымліваюць аднаразовыя выплаты да розных свят, у тым ліку да юбілейных дат. Калі малады спецыяліст прыходзіць да нас на працу, то яму прадугледжана павелічэнне акладу да 10 працэнтаў. Стаж работы ў нашай арганізацыі ўключае і сам перыяд навучання ў профільнай установе. Па прыходзе на працу ён атрымлівае аднаразовую выплату не менш за яго стыпендыю ў апошні месяц перад выпускам. Таксама пры неабходнасці мы маем магчымасць выдзеліць жыллё іншагароднім. У нас даволі насычанае жыццё і ў пазапрацоўны час. Часта праводзяцца экскурсіі, актыўна ўдзельнічаем у абласной галіновай спартакіядзе, а таксама праводзім сваю, унутры філіяла. Лічу, што нашая арганізацыя робіць шмат для моладзі.
ААТ «Пружанскі малочны камбінат»
«Задаволена, што размеркавалася менавіта сюды»

Лізавета Грышкевіч нарадзілася ў Пружанах, дзе ў 2019 годзе скончыла сярэднюю школу № 5. Пасля чаго яна вырашыла паступіць у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, на спецыяльнасць «Ахова навакольнага асяроддзя і рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў».
— Выбрала дадзеную спецыяльнасць па закліку душы, хацелася паспрабаваць сябе ў гэтым напрамку. Хачу адзначыць, што вучоба давалася нялёгка, але, тым не менш, яна мне скарылася, — кажа з усмешкай маладая дзяўчына.
У 2023 годзе, скончыўшы ўніверсітэт, Лізавета была размеркавана на працу ў ААТ «Пружанскі малочны камбінат», дзе заняла пасаду інжынера па ахове навакольнага асяроддзя. Тэрмін яе абавязковай адпрацоўкі складае два гады і падыходзіць да завяршэння ўлетку бягучага года.
— Мяне выдатна сустрэлі ў калектыве. Тут сабраліся добрыя людзі, з якімі працаваць адно задавальненне. Я адчуваю сябе часткай вялікай і дружнай сям’і, дзе кожны гатовы дапамагчы і падтрымаць. Гэта сапраўды натхняе і дае сілы для новых дасягненняў, – падкрэсліла дзяўчына.
З прыходам на работу Лізавета атрымала аднаразовую выплату, роўную памеру яе апошняй стыпендыі. Дзяўчына адзначае, што ёй таксама прапанавалі жыллё, але яна адмовілася, таму што не мела такую патрэбу.
— Жыццё на «малочцы» кіпіць не толькі на працы, але і пасля яе. Мы часта наведваем розныя мерапрыемствы. Я ўдзельнічала ў маладзёжных форумах і спартакіядах Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, галіновага прафсаюза і канцэрна «Брэстмясамалпрам», квэстах, квізах і спартыўных турнірах, якія ладзяцца раённымі ўладамі.
Кіраўніцтва прадпрыемства ніколі не перашкаджае ўдзелу моладзі ў разнастайных мерапрыемствах, спрыяючы грамадскаму жыццю калектыву і заахвочваючы яго.
— Магу сказаць толькі адно — задаволена, што размеркавалася менавіта сюды, — дзеліцца ўражаннямі аб сваім першым працоўным месцы Лізавета.
Маладая дзяўчына плануе застацца працаваць у гэтым дружным калектыве і пасля абавязковай адпрацоўкі.
На пытанні адказвае старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Пружанскі малочны камбінат» Таццяна Карпусь.

— Што для вашай арганізацыі азначае малады спецыяліст?
— Для нас малады спецыяліст — гэта наша будучыня… Мы бачым у іх не толькі працяг нашых традыцый, але і крыніцу новых ідэй і свежых поглядаў на звыклыя задачы. Яны прыносяць з сабой энергію, энтузіязм і гатоўнасць да эксперыментаў, што робіць нашу работу больш дынамічнай і сучаснай. Мы імкнемся стварыць для іх такія ўмовы, каб кожны адчуваў сябе ацэненым і ўпэўненым у заўтрашнім дні. Для гэтага арганізуецца настаўніцтва, калі дасведчаныя супрацоўнікі дапамагаюць маладым калегам адаптавацца і развівацца прафесійна. Мы таксама аказваем усебаковую падтрымку — пачынаючы ад матэрыяльных выплат і заканчваючы магчымасцю ўдзелу ў розных карпаратыўных і спартыўных мерапрыемствах.
— Якія прывілеі ёсць у вашых маладых спецыялістаў?
— Наша прадпрыемства выдзяляе службовае жыллё, і ў дадзены момант у такіх памяшканнях пражываюць дзве маладыя сям’і. Мы даём шанец кожнаму маладому чалавеку паказаць свае таленты і навыкі, запрашаючы іх да ўдзелу ў розных мерапрыемствах. За гэта прадугледжана стымуляванне, як з боку прадпрыемства, так і ад прафсаюза. У нашай арганізацыі прадугледжаны выплаты да юбілейных дат, а таксама — падарункавыя сертыфікаты. Вядома, мы не забываем і пра маладых людзей, якія ўступілі ў шлюб або ў якіх нарадзілася дзіця. У цэлым, жыццё нашага калектыву вельмі цікавае і насычанае.
Старонку падрыхтаваў Руслан Басак
Крыніца: budni.by
Фота аўтара